Камедыя

Уладзімір Рудаў, рэжысер Віктар Куржалаў

ethno happening

Прэм ' ера - 28 красавіка 2012 года

Спектакль паводле Каэтана Марашэўскага, Францішка Аляхновіча і Уладзіміра Рудава.
У спектаклі заняты: заслужаны артыст Беларусі Рыгор Белацаркоўскі, артысты тэатра Зміцер Дудкевіч і Мікалай Раманоўскі, Ірына Лысенка ці Ірына Дунчанка.

Даўным даўно, калі тэатральнае мастацтва на Беларусі было ў сваім вялікім росквіце, гэтак гадоў болей за дзвесце таму, прафесар рыторыкі і паэтыкі Забельскай калегіі (што была каля Полацка) Каэтан Марашэўскі напісаў для школьнага тэатра "Камедыю", у якой тутэйшы селянін наракаў на Адама і Эву, вінаваціў іх у сваім цяжкім жыцці, ставіў у залежнасць ад першароднага граху ўсе свае тагачасныя пакуты… Больш як праз сто гадоў паля таго вядомы драматург і тэатральны дзеяч Францішак Аляхновіч прыдумаў да гэтай “Камедыі” жонку, якая бясконца патрабуе сячы дровы, сячы і сячы… А потым, можа гадоў дваццаць таму, рэжысёр і выкладчык Акадэміі мастацтваў Уладзімір Рудаў апрацаваў гэты драматычны твор для ўспрымання сучасным гледачом, надаў паслядоўнасць і хуткасць смешным дзеянням … І старадаўняя этнічная п'еса пачала крочыць па тэатрах нашай Радзімы пад назвай “Камедыя пра нешчаслівага селяніна і яго жонку Маланку…”
Сёлета ўжо і наш тэатр вырашыў паставіць гэту пьесу для вас з элементамі хэпінінга, іншымі словамі, з гульнёй непасрэдна з вамі - гледачамі. Што нам яшчэ дадаць да гэтай п’есы?.. Калі пра цяжкае жыццё, відаць, усім сёння надакучыла, тады паглядзім на тую радасць, якая з’явіцца у жыцці тутэйшага Дзёмкі, калі ён паспрабуе знайсці выйсце з нешчаслівай долі, ці можа проста ачнецца, быццам ад сну…
Наша “Камедыя” для тых, хто любіць беларускі этнічны тэатр і сцэнічную імпрэзу.