Не пра Фрэйда
Якіх толькі зараз не знойдзешь аб’яў у газетах, у часопісах, у Інтэрнэце! Розныя празорцы, калдуны (не блытаць з папулярнымі спевакамі), варажбіты гатовы свет перавярнуць да гары нагамі, але здабыць вам сапраўднае шчасце з гарантыяй на пэўны тэрмін за адносна невялікія грошы. Нават па тэлебачанні праз кожныя дзесяць-дваццаць хвілін раюць пазваніць у экстраную службу таро, і, калі давяраць рэкламнаму роліку, у вас раптам з’явіцца муж і аўтамабіль, нават калі іх наогул ніколі не было.
А колькі зараз развялося розных псіхолагаў! Колькі разоў асабіста чуў прыблізна такія словы: “Вы не глядзіце, что я слесар-сантэхнік ці галоўны бухгалтар, я, на самой справе, прыроджаны псіхолаг і ўжо тры кнігі аб гэтым прачытаў: сінюю, ірваную і яшчэ адну…” Асабліва гэта датычыцца жаночай часткі насельніцтва: кожная другая – Фрэйд у спадніцы (праўда, зараз ходзяць чуткі, што спадніца на Фрэйдзе не такі ўжо і нонсэнс). Насамрэч, аж брыдка, з якой легкасцю мы гатовы перакласці ўласныя праблемы на чужыя плечы, абы не займацца імі самастойна. Аднак попыт нараджае прапанову, і нібы грыбы пасля дажджу лезуць у інфармацыйную прастору новыя шарлатаны, часам тоячыся пад навуковымі назвамі…
Гэткая прадмова абавязаная сваім з’яўленнем чарговаму гастрольнаму спектаклю Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з шматспадзеўнай назвай “Псіхааналітык для псіхааналітыка”. Спектакль пастаўлены рэжысёрам Сяргеям Кулікоўскім па п’есе маладога беларускага драматурга Дзіяны Балыка. Трэба адразу адзначыць, что драматург ведала, аб чым пісаць: яна не толькі драматург і паэт, яна аўтар шэрагу кніг па псіхалогіі ўзаемаадносінаў мужчыны і жанчыны. Што і казаць, тэма надзвычай актуальная! Да прыгожай жанчыны-псіхааналітыка сярэдняга ўзросту звяртаюцца паасобку двое маладых людзей: прыгажуня Светачка, былая сакратарка свайго цяперашнягя мужа (Наталля Саламаха), і сапраўдны мачо Алекс, які працуе стрыптызёрам і хлопчыкам па выкліку (Арцём Бародзіч). У абодвух глыбокая – ах, якая няўдача! – дэпрэсія. Абодвум не прыносіць радасці прафесія. Псіхааналітык Вера Андрэеўна (Святлана Жукоўская) вырашае ўжыць да пацыентаў нетрывіяльную методыку: прапаноўвае ім праводзіць сеансы разам, каб яны дапамагалі адно аднаму пазбавіцца хваробнага стану. Нажаль, методыка не адразу прыносіць чаканыя вынікі, бо пацыенты зневажаюць адно аднаго. Тады Вера Андрэеўна вырашае паступіць яшчэ больш нетрывіяльна: сама звяртаецца да псіхааналітыка… І тут высвятляецца, што яна самазванка і ніякіх правоў не мае займацца медыцынскай практыкай! Сапраўдны псіхааналітык Альберт (Георгій Лойка) небезпадстаўна мяркуе, што ўчынкі Веры дыктуюцца сэксуальнай нездаволенасцю і прапісвае ёй адпаведную тэрапію, якая, аднак жа, невялікае дачыненне мае да медыцыны і нават разыходзіца з медыцынскай этыкай. Карацей кажучы, ува ўсіх трох парах герояў усё атрымалася…
Напэўна, паставіць гэтую п’есу можна было б па-рознаму, але асабіста я не магу ўявіць, як зрабіць гэта лепш за рэжысёра Сяргея Кулікоўскага. Ён стварыў легкую, нават легкадумную гісторыю для дарослых. Не магу пазбавіцца параўнанняў (няхай даруюць мне творцы!) з французскімі камедыямі, напрыклад, з П’ерам Рышарам. Героі практычна ўвесь спектакль балансуюць на грані фала, але маюць густ, такт і не дазваляюць сабе лішняга. А іграюць яны з відавочным задавальненнем у лаканічных легкіх дэкарацыях (сцэнаграфія Святланы Макаранкі). Нават крэслы, якія ім кожны раз прапаноўваецца выбраць, выглядаюць, як смешныя мяшкі, хаця сэнс гэтых мяшкоў сур’ёзны: гэта нібы той цяжар, які мы самі павінны несці… Сапраўды, у такіх тэмах трэба (дазволю сабе яшчэ адну спрэчную вольнасць) выбіраць адно з двух: ці паглыбляцца па-дастаеўскі ў бездань душ чалавечых, што не надта спалучаецца з паняццем “камедыя”, ці будаваць умоўнасть твора такім чынам, каб нікога не параніць, каб ўсё дзеянне выклікала толькі смех… Ну, хіба толькі трохі суму, светлага і лёгкага, як у бліскучым эпізодзе з сяброўкай Веры Райкай (Раіса Грыбовіч), які прымусіў усміхацца праз слёзы ўсю залу (асабліва жанчын). Напэўна, менавіта па тых жа меркаваннях на працягу ўсяго спектакля гучаць сонечныя песні галоўнай іншапланецянкі эстрады Жаны Агузаравай. Менавіта таму гэтую гісторыю распавядае нам Кот Вучоны – выдатны персанаж (як і выканаўца Юлія Крашэўская), такі цікаўны да ўсяго, амаль заўсёды маўклівы, апроч тых момантаў, калі абвяшчае акты, недвухсэнсоўна намякаючы, што гэта за акты... Менавіта таму ў спектаклі шмат прыгожых танцаў ад штатнага балетмайстра віцебскага тэатра Дзіаны Юрчанка (яе работы магілёўскаму гледачу вядомыя па “М.art.кантакце” і пластычным перфомансе “Яна і Я” Магілёўскага драмтэатра). Менавіта таму (дзякуй Богу і творцам, што так!) спектакль не сканчаецца банальным хэпі эндам, нагадваючы нам усім, што казка атрымалася дрэнная.
А спектакль атрымаўся добрым. Ва ўсіх сэнсах гэтага беларускага слова, якія толькі ведаю я,
Ваш Т.В.
- Войдите или зарегистрируйтесь, чтобы получить возможность отправлять комментарии

